8 лютага 2019 года ў час работы XXVI Міжнародной кніжнай выставы прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў IV Рэспубліканскага конкурсу «Творчасць маладых педагогаў», арганізаванага рэдакцыяй навукова-метадычнага часопіса «Пачатковая школа». У адпаведнасці з Палажэннем аб конкурсе ўдзел у ім бралі настаўнікі пачатковых класаў, педагагічны стаж якіх складае менш за два гады, а таксама студэнты выпускных курсаў вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя».
Работы прымаліся ў трох намінацыях: «Працуем у беларускамоўнай школе», «Дыдактычны сцэнарый урока», «Выхаваўчае мерапрыемства».
Журы, якое складалася з рэдактараў часопіса «Пачатковая школа», метадыстаў МГІРА, спецыялістаў кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, ацэньвала матэрыялы па наступных крытэрыях: арыгінальнасць; адпаведнасць асноўным палажэнням педагогікі, псіхалогіі, вучэбнай праграме, методыкам выкладання вучэбных прадметаў; наяўнасць цікавых і разнастайных прыёмаў, іх мэтазгоднасць; выкарыстанне сучасных педагагічных і інфармацыйных тэхналогій.
Пераможцы атрымалі сертыфікаты выдавецтва «Пачатковая школа» на набыццё літаратуры, дыпломы I, II і III ступеняў. У часопісе «Пачатковая школа» № 3 будуць змешчаны прозвішчы пераможцаў і фота з урачыстай цырымоніі ўзнагароджання, а іх работы будуць надрукаваныя ў № 4–6.
Дзякуем за дапамогу ў правядзенні конкурсу Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь, Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінскаму планетарыю і «Настаўніцкай газете».
Падвядзенне вынікаў конкурсу «Творчасць маладых педагогаў»
10 февраля 2019