Издательство Пачатковая школа
Издательство Пачатковая школа
Издательство Пачатковая школа
Учредитель - Министерство образования РБ
june,22 2018 friday

"ПAЧАТКОВАЯ ШКОЛА" № 12'15

№12
Змест
Змест

Дарагія педагогі!

Вось і надыходзіць час падводзіць вынікі 2015 г. Ён у нашай краіне быў абвешчаны Годам моладзі. У часопісе адкрылася новая рубрыка — “Маладому спецыялісту”. Спадзяёмся, матэрыялы, што падаюцца ў ёй, дапамогуць вырашыць шэраг праблем, звязаных з прафесійнай адаптацыяй маладога настаўніка, і знойдуць станоўчы водгук у шырокага кола педагогаў. З палажэннем аб конкурсе “Творчасць маладых педагогаў” мы пазнаёмілі вас у № 11 і зараз чакаем цікавых напрацовак.

Ужо на працягу пяці гадоў мы вядзём рубрыку “Адрасы перадавога вопыту” і амаль штомесяц сустракаемся з творчымі высокапрафесійнымі калектывамі. Сёлета багатым вопытам дзяліліся педагогі СШ № 69 г. Гомеля, СШ № 25 г. Брэста, гімназіі № 1 г. Слуцка, СШ № 3 г. Слоніма, гімназіі г. Быхава. Знаходзяцца гэтыя ўстановы ў розных абласцях, але іх усіх характарызуюць творчы дух, гонар за малую радзіму, любоў да вучняў і да сваёй справы. Спалучэнне ўсіх гэтых крытэрыяў аб’ядноўвае асобных таленавітых педагогаў у зладжаны калектыў, у якім Асоба здабывае ўласную славу і працуе на імідж педагагічнай установы. А вучні ў такіх установах адчуваюць любоў і клопат, як кветкі пры добрым доглядзе, раскрываюцца сваімі найлепшымі гранямі, здзіўляюць разнастайнасцю талентаў.

Мы пазнаёміліся таксама з педагогамі СШ № 111 г. Мінска і Далжанскай СШ Віцебскага раёна. Сваім багатым педагагічным вопытам яны падзеляцца з чытачамі ў першым паўгоддзі 2016 г.

У выніку плённага супрацоўніцтва з лепшымі педагагічнымі ўстановамі краіны сфарміравалася трывалае перакананне: той, хто цікавіцца метадычнымі матэрыяламі ў педагагічных часопісах, хто гатовы вучыцца ўсё жыццё, хто не спыняецца на дасягнутым, не задавальняецца набытымі ў вышэйшай установе ведамі, — той працуе з натхненнем. Яго ўрокі эфектыўныя для адукацыйнага працэсу і эфектныя для назіральніка. І такі педагог ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі, друкуе ўрокі ці мерапрыемствы ў сродках масавай інфармацыі, бо перакананы: чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш узамен. І тут гаворка не пра пэўныя матэрыяльныя складнікі — адбываецца ўзбагачэнне на духоўным і эмацыйным узроўнях.

Трэба адзначыць, што сувязь фактаў “цікавіцца — чытае газеты і ча­­сопісы — дзеліцца вопытам” прасочваецца і па выніках падпіскі. Найбольшы працэнт падпісчыкаў менавіта ў тых раёнах, дзе адзначаецца высокі ўзровень адукацыйнага працэсу і кваліфікацыі педагагічных кадраў.

У гэтым нумары, па добрай традыцыі напрыканцы года, прадстаўляем вам нашых неардынарных аўтараў, якія атрымліваюць сертыфікаты за плённае супрацоўніцтва з рэдакцыяй часопіса.

Дарагія педагогі! Наш часопіс для вас, таленавітых, апантаных, улюбёных у сваю справу. Спадзяёмся, што вы адчуваеце нашу падтрымку, наша імкненне ўзбагачаць вашу метадычную скарбонку. Няхай жа вам стае сіл і здароўя ў новым годзе!

Да новых сустрэч! Будзем разам!

 

Библиотека детских журналов
Белорусский интернет-портал о домашних животных
Детский правовой сайт
Ахова птушак Бацькаўшчыны
Большой театр оперы и балета
Разработка сайта: БЕЛТА