У Міжнародны дзень дзіцячай кнігі ў краме “Кнігаполіс” выдавецтва “Пачатковая школа” прэзентавала навінку пад аўтарствам беларускай пісьменніцы Алены Масла. Кніга “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі” распавядае пра таямнічы і захапляльны свет беларускіх балот. У займальнай форме аўтар знаёміць дзяцей з асаблівасцямі іх утварэння, відамі і значэннем у прыродзе. Асобнае месца ў кнізе адведзена знаёмству з жывёльным і раслінным светам балот. Разам з галоўнымі героямі кнігі – цікаўным і дасведчаным хлопчыкам Бульбінкам і дзяўчынкай Журавінкай – маленькія чытачы здзейсняць казачнае падарожжа па балотных абшарах, наведаюць хатку баброў, высветляць, чаму ласі скідаюць рогі і ці можа выдра працаваць карэспандэнткай. Кніга ўтрымлівае таксама простыя кулінарныя рэцэпты, а яшчэ займальную гульню па матывах казачнага падарожжа.
З кнігі “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі” госці даведаліся, якіх жывел можна сустрэць на балоце, якія расліны там растуць і што трэба браць з сабой у вандроўку на гэта незвычайнае месца. Алена Масла нават на сваім прыкладзе паказала, што на балоце не абысціся без гумовікаў, таму падчас прэзентацыі абула іх, каб не праваліцца ў імправізаваны вадаём. Дзецям было цікава слухаць гісторыі аўтара, легенды, а таксама знаёміцца з героямі кнігі. За адказы на пытанні пра балота, яго жыхароў і міфічных істот Алена Масла пачаставала трох самых дасведчаных і актыўных журавінавым варэннем. Цікава, што сярод гасцей аказалася такая маленькая і разумная чатырохгадовая дзяўчынка Ева, якая распавяла, што на балоце можна сустрэць вадзяніка.
Не толькі салодкія пачастункі панеслі з сабой госці святочнай імпрэзы, але і кнігі з подпісам самой пісьменніцы. Напрыканцы прэзентацыі быў праведзены розыгрыш, пераможцам якога стаў хлопчык, які і атрымаў у падарунак “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі”.
Відэа: Дар'я Драздовіч
Фота: Яна Сабіна, Алена Стасевіч
СМІ пра нашу прэзентацыю:
Белкніга
Дом прэсы
Канал "Культура" Беларускага радыё
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь