Мы — землякі. Разам, бывае, даязджаем да Стоўбцаў, а потым ненадоўга расстаёмся: я кіруюся ў Мікалаеўшчыну, ён — у свае Малыя Навікі. Бацькі пакінулі ў спадчыну вясковую сядзібу. I там, на ўскрайку Налібоцкай пушчы, Казімір Камейша кожны год летуе: працуе і адпачывае, наталяе душу прыгажосцю маляўнічых краявідаў, збірае грыбы і мастацкія вобразы, парадкуе ўспаміны. Родная зямля, удзячная за вернасць і любоў да яе, натхняе і радуе плёнам — новымі творамі, кнігамі паэзіі і прозы. Любімая пушча шуміць, гудзе, спявае ў яго вершах і паэмах, нарысах і лірычных запісах. Кліча не ў госці, а дамоў, пад свае шаты, зялёныя, барвяна-залатыя і белыя ад снегу. Адна з паэтычных кніжак так і называецца: “Я — з пушчы”. А мы, яго сябры, яшчэ і ўдакладняем пры выпадку, знаёмячы з новым чалавекам: пісьменнік з пушчанскай прапіскай. Бо ён, жывучы ў горадзе, ніколі не выпісваўся з пушчы: там караніцца і галініцца, множыць гадавыя кругі яго радаводнае дрэва. Прапіска ўвекавечана не ў пашпарце, а ў сэрцы.
Радуе кожная сустрэча з аднавяскоўцамі, паўстаюць у памяці вобразы тых, хто адышоў у вечнасць. “Разуменне сяброўства ў мяне сваё і, можа, крыху дзіўнаватае, — прызнаецца паэт. — У дашкольным маленстве найлепшым сябрам маім быў сусед — дзядуля Франак, з якім мы разам пасвілі свіней на выгане, палілі агонь у дуплах старых вербаў і смажылі на ражэнчыках сала. “Здзяцінеў стары”, — казалі пра дзеда, а мне здаецца, што мы па-сапраўднаму сябравалі”. Нарадзіўся Казімір Камейша 4 снежня 1943 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Дзераўнянскую сярэднюю школу, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. I. Леніна. Служыў у арміі, працаваў у раённых газетах, на Беларускім радыё, у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Вясёлка”, “Вожык”. Не абцяжараны, а ўзбагачаны жыццёвым вопытам сягае ў думках высока і далёка. 3 чмялінага груда, як з паднебнай гары, бачыць “роднага краю твар — у маршчынах шляхоў і барознаў”, “белы чаромхавы яр, нёманскай хваляй расхвалены”, возера Кромань — “вока пушчы векавой”.
Я гэта возера здалёк
Па кропельцы адной пазнаю.
Нібы блакітны матылёк,
Трымціць душа яго лясная.
Так задушэўна, без гучных слоў і клічнікаў, выказвае паэт сваю любоў да Бацькаўшчыны. Як малітву прамаўляе.
3 аўтабіяграфічнай споведзі:
“Праца творчая заўсёды была для мяне святам. I калі я ўпершыню патрапіў у чытальную залу колішняй бібліятэкі імя Леніна на Чырвонаармейскай, мне захацелася перажагнацца. Было ўражанне, што я апынуўся ў храме, дзе ўся малітва гучыць на мове самой цішыні. Я разгубіўся, а потым спакойна сеў за стол, бо зразумеў, што людзі тут
не проста маўчаць, а працуюць”.
Бадай, няма такой тэмы, якую так ці іначай не закрануў бы Казімір Камейша, запрашаючы нас у чароўны свет Налібоцкага краю. I мы, чытачы, адчуваем сябе ўтульна ў прыгожым і спакойным суладдзі людзей, звяроў і птушак, дрэў, кветак і траў. Лепшыя творы для дзяцей сабраны ў кнізе “Крыгагром”. Зрокавы вобраз (ход крыг, крыгаход) стаў вобразам слыхавым: крыгі плывуць, труцца, налазяць адна на адну, крыгі — грымяць. У адным слове — карціна ранняй веснавой паводкі. Сама назва кнігі заінтрыгоўвае, гучыць як загадка, Дзеці любяць такія загадкі, гульню ў слова, дзе адгадка не ляжыць на паверхні, а як бы зашыфравана ў слове, радку ці страфе, патрабуе ведаў і кемлівасці. Чаго толькі няма ў гародчыку бабулі Ядвісі! Выбар — як на святочным кірмашы: буракі і рэдзька, агуркі і цыбуля, гарбузы і морква, кабачкі і капуста, кроп і кмен... Таму і “зайздросцяць гародчыку пушча і поле”. За ўсім гэтым багаццем, сабраным летам і восенню, паўстае перад намі вобраз руплівай гаспадыні. Яна калі і плача, то хіба міжволі, абіраючы цыбулю.
Ілонка — гарадская дзяўчынка, унучка бабулі Ядвісі. У яе — цэлая сям’я лялек, і для кожнай лялькі — свая песенька. Яна і закалыхвае іх, і будзіць, і прыбірае, і ў садзік на руках нясе. Радуецца бабуля: добрая спадчынніца расце. Дзеці вучацца, працуюць, мараць, кім стануць, калі вырастуць. Пра людзей розных прафесій паэт расказвае ў паэмах “Экскурсія” і “Добры дзень, шафёр”, у вершах “Падземны горад”, “Хлебароб”, “На будоўлі”, “Ганчары”, “Усёўмей”. Далікатна падказвае: працу кожную шануй, але выбірай тую, якая па душы.
Ёсць дзе і з кім бавіць вольны час дома і на ўлонні прыроды. Ды з рознымі прыгодамі, будзячы раніцу з гліняным пеўнікам, які не спявае, а свішча, запускаючы ў неба паветранага змея, збіраючы чарніцы ў соснах, каля дзятлавай кузні.
“Тук-тук-тук” — грыміць наўкола,
Аж з кары плыве дымок.
Так грукоча адмыслова
Той дзюбасты малаток.
Весялей і ягады збіраць, слухаючы, як працуе лясны каваль.
А яшчэ дзеці гартуюць свой характар і волю, спаборнічаюць на бегавой дарожцы і на лыжні. “Спыняюцца на схіле зайздроснікі-вятры — хлапчук, нібы на крылах, спускаецца з гары”. Хто ведае, можа з часам зямная лыжня стане пачаткам касмічнай трасы і пра пушчанскага хлапчука даведаецца ўвесь свет. Жыве ў паэтычных радках і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Святочныя салюты ў Дзень Перамогі высвечваюць не толькі наша гераічнае мінулае, але і трагічныя падзеі на фронце і ў варожым тыле. Як у паэме “Дальва” — пра вёску ў Лагойскім раёне, якую спалілі фашысты 19 чэрвеня 1944 года разам з мірнымі жыхарамі. Іх было 44: двое мужчын, 13 жанчын, 29 дзяцей. Самаму старэйшаму — 60 гадоў, самаму малодшаму — адзін годзік. Светлыя мары гэтых дзяцей не збыліся, спапялёныя ў страшным пекле вайны.
Даўно развеялі вятры
Таго пажару
Попел.
А ён жывы,
А ён гарыць,
Высвечвае Еўропу.
Эмацыйны напал паэмы ўзрушвае, вярэдзіць душу, бо аўтар, сам дзіця вайны, сэрцам успрымае боль і смутак свайго героя — Міколкі Гірыловіча, хлапчука, які ацалеў у тым пекле і ўшанаваў пасля помнікам памяць вёскі
і яе жыхароў-пакутнікаў.
Думаецца, не мне аднаму запомніўся верш Казіміра Камейшы пра прыгарадную элетрычку.
Набярэ цягнік разгону,
А цяжар — як пацягнуць.
Едзе вёсачка вагонаў,
Так падобных на вясну.
Шчаслівы гэта дар — мысліць вобразамі, ды такімі нечаканымі, свежымі. Кожны вагон — зялёны домік, поўны людзей, дарослых і дзяцей. Сярод іх недзе і бабуля Ядвіся, і яе ўнучка, і аўтар верша. Сама пушча едзе на кірмаш — з ягадамі, з грыбамі і арэхамі. У свой час за “вёсачку на колах” і іншыя вершы, надрукаваныя ў “Вясёлцы”, Казімір Камейша атрымаў літаратурную прэмію імя Васіля Віткі.
Верш-пацешку “Колькі ў вожыка калючак…” ведаюць у кожнай школе, дзе пабываў паэт. I на пытанне пра калючкі цяпер дзеці хорам адказваюць: “Што гадаць, трэба ў вожыка спытаць”.
Працуючы разам у часопісе “Вясёлка”, мы часта выступалі ў школах, бібліятэках і дзіцячых садах. Дзеці і настаўнікі з цікавасцю слухалі Казіміра Вікенцьевіча, дружнымі воплескамі дзякавалі за вершы і казкі. Даўно вядома: кот цураецца вады, бо не ўмее плаваць. Пэўна, гэта і падказала задуму казкі “Кот Нелавімыш”. Мянушка незвычайная, бо кот быў гультаяваты: “хоць вяліся побач мышы, не лавіў мышэй”. I падаўся на лёгкі хлеб, у рыбакі. Паўдня сядзеў з вудай на беразе, а клёву — няма. Дый колькі той рыбы зловіш на адзін кручок! На лапах шмат вострых кіпцікаў, і кот на іх, як на кручкі, начапляў чарвякоў. На такую шчодрую прынаду паквапіўся мянтуз. I сцягнуў гора-рыбака ў ваду, ледзьве выбавіўся той з бяды. Пасля такога канфузу паламаў са злосці вуду і рашыў: “Рыбы больш лавіць не буду, лепш лавіць мышэй”. Зразумеў нарэшце: лёгкі хлеб бокам вылазіць. Пашкадаваў паэт лясных звяроў. Бедныя, выюць яны ад голаду, дрыжаць, уцякаючы ад паляўнічага і яго сабакі. I ўгаварыў Зайца адкрыць у пушчы школу танцаў: няхай і звяры, сабраўшыся разам, уздыхнуць нарэшце з палёгкай.
Пайшла у круг Ваўчыха,
За ёй падаўся Воўк.
Барсук і Барсучыха
I шустрая Зайчыха
Танцуюць — скок ды скок.
Да іх далучыліся іншыя звяры, не ўлежаў у берлагу нават Мядзведзь. Кожны стараўся як мог. Не даваў спачыну сваім вучням строгі настаўнік, але і ён развесяліўся, гледзячы, як пацешна, бокам-скокам, вальсуе грузны таптун Мядзведзь.
Снег перайшоў у замець,
Зіма спраўляла баль.
I так смяяўся Заяц,
Аж трэснула губа.
У казках Казіміра Камейшы шмат прыгод, руху, вясёлага настрою. Каля галоўнага героя групуюцца яго сябры і знаёмыя, кожны — са сваім характарам, сваімі звычкамі, сваім голасам. Лугавы конік — стракоча, нібы працуе на швейнай машынцы. I ў казцы ён становіцца краўцом — шые абновы ўсім, хто пажадае. Чытаеш пра ката-рыбака, пра зайца-настаўніка, пра коніка-краўца і міжволі ўсміхаешся: казачныя героі вельмі ж нагадваюць людзей, з якімі мы сустракаемся ў жыцці. Як казка ці зачын да казкі чытаюцца і многія вершы: “Гном”, “Вясёлы дударык”, “Казёл барадаты”, “Воўчы білет”, “Невясёлы бацян”, “Боты шыў мядзведзь...” Займальныя, з адкрытай ці прыхаванай усмешкай, яны просяцца ў літаратурна-музычную кампазіцыю, каб пацешыць дзяцей на школьнай сцэне, закарагодзіць у масках каля навагодняй ёлкі. А колькі досціпу ў загадках! Пра будзільнік: “дзве нагі і шмат калёс цягнуць гэты цяжкі воз”. Пра чаплю, у якой “нага ад стомы ные, завісла ў небе шыя”. Пра венік: “галавой расце ўніз, сам сабе лісты падгрыз”. Пра сланечнік, які “спачатку быў яешняю, а стаў скаварадою”... Загадкі не паўтараюць старых аднатыпных загадак, народных і аўтарскіх. На кожнай з іх — свой знак адметнасці і майстэрства.
Адкрываю скрынку я —
Выпаўзла з яе змяя.
А змяя грымучая
I яшчэ паўзучая.
Пастаралася змяя —
Хата чыстая мая.
Загадка са змяёй не палохае, а цешыць. Памятаю, яе любіла малая дачка майго сябра. Цяпер загадку агучвае дома яе сынок. I паказвае на пыласос, калі хто марудзіць з адказам. Такія загадкі будуць запатрабаваны
і ў будучыні. Казімір Камейша ўдзячны за падтрымку многім пісьменнікам-настаўнікам. Паступова, з вопытам, прыйшоў да высновы: слухай іншых, а давярай сваёй інтуіцыі, рабі тое, што падказваюць душа і сумленне. I ніколі не адступайся ад мастацкай праўды. Так вучылі жыць і працаваць бацькі — Ядвіга Казіміраўна і Вікенцій Антонавіч, незабыўны сусед — дзядуля Франак.
3 аўтабіяграфічнай споведзі:
“Як ні дзіўна, узрост зусім не пазбавіў наіўнасці. З гадамі, як заўважыў я, у маіх вершах з’явілася яшчэ больш дзяцінства. А за яго, памятаю, нас папракалі старэйшыя яшчэ на пачатку шляху. А мне здаецца, што паэт тым цікавейшы, чым у яго больш дзяцінства. Творы для дзяцей — гэта зусім іншае. Вось тут сапраўды патрэбна нейкая ўзроставая вышыня. Тут патрэбна свая мудрасць, ды такая, каб пра яе не здагадваўся маленькі чытач. Я выдаў нямала кніг для дзяцей. І заўсёды адчуваю нейкі неаплатны доўг перад сваім малым сябрам”.
Адна за адной выходзяць з друку кнігі Казіміра Камейшы для дарослых. За кнігу “Пярэймы дня” ён ушанаваны званнем лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Лінія лёсу паэта перасякаецца з лёсам іншых людзей, выходзіць за рамкі асабістай біяграфіі і становіцца біяграфіяй лірычнага героя — асобы цэласнай, бескампраміснай, са сваім поглядам на розныя падзеі, з’явы і рэчы ў жыцці. У паэмах “Кромань”, “Галоўная вярста”, “Посах”, “Няміга” гучыць трывога за лёс сучаснікаў і наступных пакаленняў, вяртаюцца з нябыту постаці мужных, працавітых і таленавітых продкаў. “У якім бы часе мы ні жылі, — упэўнены паэт, — часы папярэднія забываць не павінны. Мы — не пачатак. Мы — працяг. Будзем памятаць пра гэта”. Са старых і новых запісаў, з думак і пачуццяў уроскід, са сціслых сюжэтных абразкоў і, лічы, гатовых апавяданняў склалася празаічная кніга “Паміж кубкам і вуснамі”. Колькі часу трэба, каб данесці кубак да вуснаў? Нейкі міг. Але ў гэтым мігу — дні, месяцы, гады жыцця. 3 блакітам нябёс і пылам зямных дарог, з дажджамі і спёкай, з радасцю і смуткам, з любоўю і нянавісцю. Цікава і павучальна паволі, старонку за старонкай, чытаць жыццяпіс чалавека, тым болей — творцы, калі ён застаецца сам-насам з сабой, з Радзімай, з цэлым светам, нарэшце...
Працягам папярэдняй кнігі стала новая — “Ад Кромані да Свіцязі”. I тут роздум над пражытым і перажытым, філасофскае асэнсаванне шматлікіх праяў жыцця і прыроды. Асобны раздзел склалі эсэ — цікавы аповед пра вядомых пісьменнікаў, а таксама пра землякоў аўтара — івянецкіх ганчароў. Пісаць і далей ёсць пра што і аб кім — задум у юбіляра хапае. Спадзяецца, што спраўдзяцца яго пажаданні нашчадкам: “Хачу, каб лёс іх быў не горшым, а лепшым ад майго. Каб не цураліся яны роднага слова. Можа, тады будуць прачытаны і нашы галоўныя творы, якія ў кожнага ёсць”.
Казімір Камейша — адзін з аўтараў фотаальбома “Непаўторныя імгненні”. Да кожнага з 52 тыдняў года падабраны цудоўныя каляровыя ілюстрацыі пра жывы свет прыроды — зімой і вясной, летам і восенню. А да кожнай ілюстрацыі — адпаведны верш. Быццам глядзіш не фота, а кадры дакументальнага кіно, агучаныя голасам паэта.
Бягуць і ў Лету кануць нашы дні,
Ды самых дзіўных з памяці не сцерці.
Імгненне можна й вокам супыніць,
Ды лепш, калі яго засведчыць сэрца.
У нас ёсць пісьменнікі — ганаровыя грамадзяне свайго горада, свайго раёна. Казімір Камейша бачыцца мне ганаровым грамадзянінам Налібоцкага краю. У яго, слыннага майго земляка, пільны зрок, чуйны слых, уражлівая душа. I, вядома ж, талент ад Бога. Усё напісанае ім для дарослых і дзяцей засведчана сэрцам.
Мікола МАЛЯЎКА, пісьменнік.