Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі 16 студзеня 1943 г. на Гомельшчыне, у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна. Рана асірацеў і спазнаў, як цяжка жыць без матчынай ласкі. Вучыўся ў школе і дапамагаў бацьку — падмяняў яго, вясковага пастуха, у гарачую пару сенакосу і жніва. У сваёй біяграфіі паэт прыгадвае: “Кожны раз, выганяючы ў поле кароў, клаў у торбачку з полуднем адну ці дзве кніжкі з небагатай школьнай бібліятэкі. Знаходзілася ў той торбачцы і месцейка для запаветнага агульнага сшытка, куды, седзячы на купіне ці пад стогам, запісваў вершаваныя радкі, што прыходзілі ў душу ад сустрэчы з хараством летніх світанкаў і надвячоркаў, з васількамі на жытнёвых узмежках…”
Першы верш, надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі”, называўся “Васілёк”. Пад знакам гэтай кветкі, услаўленай у свой час Максімам Багдановічам, і ўвайшоў у літаратуру новы паэт. Любоў да мастацкага слова прывяла яго ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мікола вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта і працаваў у рэдакцыях дзіцячых газет, на радыё. Раней за нас, сваіх сяброў-паэтаў, дэбютаваў зборнічкам вершаў і казак “Дзе лета канчаецца”. Вітаючы выхад кніжкі ў свет, паэтэса Еўдакія Лось адзначыла, што аўтар разумее і любіць дзяцей, “ідзе да іх са сваім словам, са сваёй душэўнасцю і дабратою”. Пахвала, добразычлівасць натхняюць. Крытычныя заўвагі засмучаюць, але ідуць на карысць. На ўсё жыццё запомніўся маладому творцу ўрок Васіля Віткі — галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Акрылены яго падтрымкаю, Мікола Чарняўскі спешна, за некалькі дзён, напісаў цэлую нізку вершаў, прынёс у рэдакцыю. Васіль Вітка прачытаў і спахмурнеў: “Выходзіць, перахваліў я цябе, Мікалай. Ты толькі паглядзі сюды…” А таму ўжо і глядзець расхацелася, зразумеў: “спяшацца трэба тады, калі на цягнік спазняешся”. Парады старэйшых майстроў слова даюць плён, вучаць патрабавальна ставіцца да кожнай страфы, крытычна ацэньваць кожны радок: адны вершы друкаваць, другія — хаваць у шуфлядку, каб пасля дапрацаваць.
Паэт навучыўся пранікаць у самабытны, яркі і кантрасны свет дзіцячых захапленняў. Тут няма месца суму, санлівай абыякавасці, спусташальнай ляноце. Дзеці — розныя. Адны добра вучацца, весела адпачываюць, смела мараць. Іншыя “хварэюць” на хлуслівасць, зайздрасць, хітрасць. Такіх паэт не абражае грубым словам, не павучае залішне — ён ставіць дакладны дыягназ і лечыць “хваробу” смехам. Толькі зрэдку прыперчвае радкі сатыраю. Гэта дзейсныя лекі. Хіба прыемна, напрыклад, хлопчыку Васю, “рэкардсмену па двойках”, чытаць пра сябе такое: “Я хадзіў на фіхтаванне, я хадзіў на віславанне, ды нідоўга віславаў — раптам трэнер зазлаваў”? Вершы прымушаюць задумацца, паглядзець на сябе збоку, вачыма сяброў, бацькоў, настаўнікаў. І вылечыцца, забыць пра сваю “хваробу”, самастойна або разам з дарослымі пераадолець часовыя цяжкасці дома і ў школе. Шчыра і ветліва запрашае паэт у дзівосны свет прыроды. Крынічка пяе аб тым, што чысціню бярэ ў рос, зорак і нябёс, пявучы голас — у птушак і бяроз, сілу — у зямлі, каб аддаць усё гэта людзям. А колькі святла, руху і весялосці ў вершы пра летняе свята ў лузе! Прыляцеў з басэтляй жук, на цымбаліках кветак граюць пчолы, ім падпяваюць басавітыя чмялі.
І пад музыку гэтую
Аж па ўсёй Беларусі,
Ласкай сонца сагрэтаю, —
Скачуць конікі ў лузе.
Сонца спатыкнулася над лесам
і выпусціла з рук кошык, поўны прамянёў…
Я прыбег у лес апоўдні —
Ён спявае,
Ён звініць…
Назбіраў збанок я поўны,
Ды не промняў,
А — суніц.
Так арыгінальна, праз канкрэтныя мастацкія вобразы, паяднаў у сваёй творчасці Мікола Чарняўскі зямлю
і неба, чалавечае жыццё і прыроду.
У казках аўтар ідзе ад фальклору, паэтызуе народныя звычаі і абрады, узбагачае сюжэты жартамі, загадкамі, прымаўкамі. Ліса ў яго калядуе, заяц шаткуе капусту для сябе і гасцей, драч бядуе, бо згубіў сваю дуду… Казачныя героі “асвойваюць” новыя прафесіі, у іх традыцыйным побыце з’яўляюцца новыя рэчы. Воўк, які раней ганяў зайцоў, становіцца прадпрымальнікам, адкрывае фірму “Кажушок”. Лось скідае з галавы рогі і купляе за іх камп’ютар, спадзеючыся, што дзеці “будуць меней лынды біць”, ды атрымалася наадварот. Ласяняты закінулі вучобу — не адцягнуць іх ад чароўнага экрана. Прыйшлося занесці камп’ютар у школу.
Будзе нейкая аддача,
Будзе вучням пасабляць:
Будзе там рашаць задачы,
А не дурняў забаўляць.
Казка “Лясны хутар і дзіва-камп’ютар” — амаль гатовы сцэнарый для вясёлага і пазнавальнага мультфільма.Блізкія да казак і кароткія сюжэтныя вершы, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі, лічылкі — “ад суму лячылкі”. Пацяшае і вучыць хутка і выразна вымаўляць словы “Азбука для панурых — у скорагаворках і каламбурах”. Кожная літара ў ёй — жывая: рыкае, як зубр, плавае, як рыба, лятае, як пчала, ценькае, як сініца, скача, як вавёрка.
Дзве жвавыя вавёрачкі
Скакалі праз вяровачкі,
А трэцяя вавёрачка
Шукала: “Дзе вяровачка?”
Назвы асобных кніжак, казак і вершаў гучаць, як загадкі: “Дзе пяцёркі прадаюцца?”, “Хто сябруе з добрым днём?”, “На каго сварыўся гром?”, “Адкуль у рака злосць?”, “Ці растуць грыбы ў Грыбна?”, “Чые сцяжынкі ў лесе?” Такія загалоўкі абуджаюць фантазію, прымушаюць самастойна шукаць адказы і толькі потым чытаць твор, каб суаднесці свае думкі з аўтарскімі. У выніку знаёмства з казкамі ці вершамі ператвараецца ва ўрокі кемлівасці, якія даюць прастору для творчага мыслення, а часам нават становяцца штуршком для напісання ўласных вершаў-загадак. Дзеці яшчэ не задумваюцца, што іх жыццё не вечнае. Мікола Чарняўскі вучыць з малых гадоў даражыць часам, рабіць добрыя справы кожны дзень. Пры гэтым ён умее зацікавіць чытача, бо нават самую сур’ёзную тэму падае лёгка, нібы гульню, якая ўзбагачае жыццёвы вопыт. У “Вясёлым календары” сабраліся разам усе месяцы года і ўсе дні тыдня.
Зноў нядзеліцца Нядзеля:
Сукню новую надзела,
Падвязала каснічок,
Бы зара, румянец шчок.
Гэты твор можна інсцэніраваць: усе буднія дні прыйдуць у госці да Нядзелі, і кожны раскажа пра сябе, пра свае клопаты, страты і знаходкі. Весела стане ў школьнай зале, калі Снежань пакліча на Новы год малодшых братоў і ўсе разам яны закружацца ў святочным карагодзе вакол ёлкі. Тут змогуць праявіць сябе і настаўнікі, і іх выхаванцы — юныя артысты, музыканты, танцоры. Даўно, яшчэ ў маладосці, напісаў Мікола Чарняўскі аповесць “Бегунок пачынае думаць” — пра шасцікласніка Міцю і яго сяброў. Твор спадабаўся чытачам. У пісьмах і на літаратурных сустрэчах яны цікавіліся, ці будзе працяг. Нарэшце, часопіс “Полымя” надрукаваў новую аповесць — “Босая кавалерыя”. “Кавалерыстамі” аўтар назваў вясковых падлеткаў, якія гарцуюць на калгасных конях, звозяць сена ў гумны, ходзяць за плужком, абганяючы бульбу. У прадмове да аповесці Мікола Чарняўскі піша: “Была і ў нас, пасляваенных, радасць. І шчасце было, бо шчасце гэта — само дзяцінства. Яно бывае толькі раз у жыцці кожнага чалавека, у розныя часіны, нават у галечу, холад і голад, па-свойму вясёлае і непаўторнае, поўнае сваёй рамантыкі і чароўнасці… Я ўдзячны памяці, што гэта ўсё збярог, і сэрцу, што ўспаміны сагравала”. І верыцца, што героі “Босай кавалерыі”, як у свой час Міця Бегунок, пяройдуць са старонак кніжкі ў школьныя чытанкі. Сённяшнім дзецям будзе цікава даведацца, як жылі іх равеснікі, чым займаліся, пра што марылі ў пасляваенныя гады. Гэта наша гісторыя, а гісторыю трэба ведаць, каб не перарывалася жывая сувязь пакаленняў.
Дваццаць два гады адшчыраваў Мікола Чарняўскі ў часопісе “Бярозка”, васямнаццаць — у “Вясёлцы”. Кожны дзень рыхтаваў да друку мастацкія і дакументальныя творы, акуратна і падрабязна адказваў на лісты чытачоў і юных аўтараў. Стараўся не засмучаць, а прыносіць радасць адрасатам — вучням і настаўнікам. Амаль трыццаць гадоў вёў на радыё штомесячную перадачу “Першыя сцяжынкі”, якая гуртавала вакол сябе пачаткоўцаў — тых, хто пракладаў свой шлях у таемны свет паэзіі і прозы. І цяпер, на пенсіі, Мікалай Мікалаевіч кіруе “Купалінкай” — творчай суполкай школьнікаў Мінскага раёна. Парупіўся, каб асобным выданнем выйшлі “Казкі дзяцей Беларусі”. Рэдактарскія клопаты, сустрэчы з чытачамі часта адрывалі ад пісьмовага стала, але паэт не шкадуе: узгадвае, што кожная камандзіроўка была нібы вяртаннем у дзяцінства, дзе ён маладзеў душою, знаходзіў новыя тэмы і вобразы для сваіх твораў. Тым больш радасна ад таго, што гэтыя высілкі, паездкі, выступленні, парады далі багаты плён: многія вучні Міколы Чарняўскага сталі вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Пішуць лісты настаўніку, сустракаюцца з ім, дораць свае кніжкі, а ў кожным аўтографе — удзячнасць за ўвагу і падтрымку ў жыцці.
У паэтычнай скарбонцы паэта ёсць кніжкі і для дарослых. Нядаўна ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” выйшаў ладны томік лірыкі, гумару і сатыры “Прызба, альбо Смяяцца — не плакаць”. Аўтар запрашае пасядзець з ім на “прызбе часу”, з усмешкаю і журбою прыгадаць мінулае, задумацца над сучаснасцю, зазірнуць у дзень наступны. За гады літаратурнай працы зроблена нямала: каля сарака кніжак набралася — цэлая бібліятэчка. На рускую мову перакладзена яго паэма “Вогненная балада”, на польскую — вершаваная кніжка “Адрас наш — дзіцячы сад”. У сваю чаргу, Мікалай Мікалаевіч пераклаў на беларускую мову творы многіх паэтаў блізкага і далёкага замежжа. Пераклады гэтыя — вершы, казкі, гумарынкі — па-сяброўску ўтульна адчуваюць сябе ў зборніку “Як зрабіць вясёлым дзень”. Мікола Чарняўскі не раз станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і падлеткаў. За кніжку “Каго баіцца зубр?” атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Маўра, за кніжку “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?” — прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны “за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры”.
Пад знакам роднага васілька плённа і старанна працуе Мікола Чарняўскі і сёння. Вясковы пастушок, ён стаў слынным паэтам, настаўнікам і сябрам дзяцей, выдатнікам народнай асветы і друку Беларусі.
Як шпарка час бяжыць, імчыцца,
Няма гадам
Паўстанкаў,
Станцый.
Адно:
Магчымасць ёсць, каб чыстым
Душой, як першы снег, застацца.
Усё сваё жыццё паэт носіць каля сэрца “званочак роднага слова”, які радуе нас спавядальнай аповесцю, урачыстай песняй, суровай баладай, чароўнай казкай, лірычным вершам.
Мікола МАЛЯЎКА,
пісьменнік.