Сёння ў дзіцячай бібліятэцы №1 г. Мінска прайшла прэзентацыя кнігі “Сем гісторый пра воўка і вожыка” Аляксея Якімовіча, якую арганізавала выдавецтва “Пачатковая школа”. Сустрэча адбылася ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям”.
Кніга для прэзентацыі абрана не проста так, бо слухачамі-удзельнікамі былі вучні 2 ”В” і 2 “Г” класаў беларускамоўнай гімназіі №4 г. Мінска. Падчас знаёмства з гісторыямі і казкамі дзеці ўзгадалі назвы лясных жывёл і птушак Беларусі, а таксама адзначылі драпежнікаў. Была магчымасць адчуць сябе і на месцы аўтараў. Падзяліўшыся на дзве каманды, вучні прыдумалі гісторыі да адной з ілюстрацый кнігі “Сем гісторый пра воўка і вожыка”. На сустрэчы для школьнікаў было шмат іншых цікавостак: загадкі і пытанні на веданне беларускай мовы, гульня “Падбяры словы”, дзе трэба было назваць як мага больш слоў па тэме расліннага і жывельнага свету.
Дынамічны сюжэт і каларытныя героі твораў Аляксея Якімовіча зацікавяць нават самага няўрымслівага дзіця. Кніга “Сем гісторый пра воўка і вожыка” вучыць дабрыні, спагадлівасці і павазе да старэйшых, таму дзеці з ахвотай набывалі яе сабе ў хатнюю бібліятэку.
Прэзентацыя кнігі ў дзіцячай бібліятэцы №1 г. Мінска
23 ноября 2018